У чэрвені будзе абвешчаны конкурс ідэй па мемарыялізацыі Курапатаў і “Дарогі смерці”
З чэрвеня распачнецца конкурс ідэй па мемарыялізацыі месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930 – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты і “Дарогі смерці” — апошняга шляху, асуджаных на расстрэл нявінных людзей. Такое рашэнне было прынятае 30 красавіка ў Мінску на чарговым паседжанні грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”.
Упершыню ідэя мемарыялізацыі Курапатаў прагучала яшчэ за савецкім часам — 19 чэрвеня 1988 году падчас мітынгу ва ўрочышчы — першай масавай народнай акцыі ў БССР пасля пачатку перабудовы, калі беларуская грамадскасць пачала адкрываць для сябе маштаб масавых забойстваў ахвяраў сталінізму.
Праз паўгоды, 18 студзеня 1989 года была прынятая пастанова Савета міністраў БССР “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій у лясным масіве Курапаты”. Згодна з гэтай пастановай, адпаведным міністэрствам і ведамствам было даручана правесці адкрыты конкурс на праект помніка і ўпарадкаванне ляснога масіва, распрацаваць неабходную праектную дакументацыю, прадаставіць ва ўрад прапановы па фінансаванні гэтых прац. Пра тагачасную ўрадавую пастанову да гэтай пары нагадвае камень на вышэйшай кропцы Курапатаў.
Першая і пакуль адзіная спроба рэалізацыі пастановы Савета міністраў ад 18 студзеня 1989 года была здзейснена пасля набыцця краінай дзяржаўнай незалежнасці. 31 траўня 1993 года экспертная камісія, у якую ўваходзілі выбітныя дзеячы нацыянальнай культуры, у тым ліку народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, паэт Сяргей Грахоўскі, доктар гістарычных навук Георгій Штыхаў і першаадкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк, разгледзела матэрыялы конкурсу на лепшы праект помніка ахвярам сталінізму ў Курапатах.
Сябра камісіі, архітэктар Вадзім Гліннік узгадвае, што лепшым і вартым рэалізацыі быў прызнаны праект мінскага архітэктара Сяргея Кузьмічова. На думку Глінніка, рэалізацыя гэтага праекта “магла б зрабіць гонар маладой беларускай дзяржаве годна заявіць пра еўрапейскасць нашай старажытнай культуры”.
Аднак гэтая ідэя так і не была рэалізаваная, а ў Курапатах з ініцыятывы БНФ “Адраджэньне” распачалося ўзвядзенне народнага мемарыялу крыжоў.
Падзеі 2001 – 2002 гадоў, звязаныя з пашырэннем МКАД і супрацьстаяннем ва ўрочышчы выклікалі новую хвалю інтарэса грамадства да ідэі мемарыялізацыі Курапатаў.
3 красавіка 2002 года 14 грамадскіх аб’яднанняў Беларусі падпісалі сумесную канцэпцыю мемарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”. Сярод падпісантаў канцэпцыі — “Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій”, “Беларускі камітэт міру”, “Дыярыуш”, “Гісторыка”, “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, “Правабарончы цэнтар “Вясна”, “Беларускі Хельсінскі Камітэт”, БНФ “Адраджэньне”, “Цэнтар “Супольнасьць”, “Беларуская перспектыва”, “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын” і Мінская гарадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Аўтары канцэпцыі прапанавалі праектоўцам захаваць цалкам некранутымі западзіны-пахаванні дамінантай агульнанацыянальнага мемарыялу, пакінуць існуючы Крыж Пакуты і памятныя знакі ўшанавання бязвінна палеглых з мажлівасцю далейшага лакальнага персаніфікаванага ўшанавання ахвяраў. Апроч таго, згодна канцэпцыі, мастацкае ўвасабленне мемарыялу не мусіць дэманстраваць гігантаманію і прадугледжваць прымальнасць для вернікаў розных канфесій, па перыметры гістарычна-культурнай каштоўнасці належыць узвесці агароджу з брамай.
Гэтая канцепцыя была накіраваная прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму. Ва ўрад таксама былі адасланыя прапановы наконт стварэння Рэспубліканскай камісіі па мемарыялізацыі Курапатаў, у якую разам з дзеячамі культуры павінны былі ўвайсці прадстаўнікі грамадскасці. Прычым паўнамоцтвы камісіі тычыліся правядзення конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў, арганізацыі збору сродкаў на яго здзяйсненне і кантролю за будаўніцтвам помніка. Аднак грамадскасць так і не не атрымала станоўчага адказу на свае прапановы.
У 2003 годдзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня са сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя” распрацавалі гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча. Гэты праект заслугоўвае высокай ацэнкі, бо ён улічвае інтарэсы ўсіх бакоў — Курапатаў, грамадскасці і дзяржавы.
20 траўня 2003 года праект быў аднагалосна ўхвалены сябрамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Прычым сябра рады, намеснік дырэктара дэпартамента па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі назваў подзвігам працу спецыялістаў, якія навукова абгрунтавалі праект, зыходзячы з сусветнага досведу ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню.
На думку аўтараў праекту, мяжа новай забудовы павінна праходзіць на адлегласці не менш за 300 метраў ад Курапатаў. Разам з тым, Косьціч і Кукуня ўбачылі мемарыял у выглядзе парослага збажыною поля — поля жалобы і смутку, па якім віецца апошняя дарога бязвінных ахвяраў — дарога за небакрай. Дарэчы, гэты шлях, так званая “Дарога смерці”, па якой ў 1930-я гады людзей вазілі на “чорных варанках” з Мінска ў Курапаты на расстрэл, не толькі тапаграфічна вызначаны, але і дагэтуль бачны з космасу на полі паміж урочышчам і “Экспабелам”.
Як адзначыў культуролаг Вацлаў Арэшка, будучы конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курпатаў і “Дарогі смерці” павінен абапірацца як на ўсе вышэйназваныя творчыя распрацоўкі і канцэпцыі, а таксама на нацыянальныя асаблівасці, ландшафт мясцовасці і сённяшнюю сітуацыю ва ўрочышчы і вакол яго.
На меркаванне спецыяліста, удзельнікі конкурсу змогуць у электронным выглядзе даслаць журы творчага спаборніцтва мастацкае ўвасабленне сваёй ідэі ўшанавання памяці ахвяравў сталінізму, прывязку гэтай ідэі да мясцовасці, а таксама тэкст-абгрунтаванне прапанаванай ідэі.
На думку Вацлава Арэшкі, правядзенне конкурсу дапаможа прыцягнуць да праблемы мемарыялізацыі Курапатаў і стану нацыянальнага некропаля ўвагу творчых колаў нацыі, беларускай грамадскасці і СМІ.
Старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”, 86-гадовы Вацлаў Нямковіч мяркуе, што будучы мемарыял павінен уключаць навукова-даследчы цэнтр з музеем ахвяраў сталінізму, а таксама павінен адлюстраваць трагедыю нацыі, лепшыя прадстаўнікі якой забіваліся энкаведыстамі не толькі ў месцах масавых забойстваў па ўсёй Беларусі, але і ў лагерах карнай сістэмы савецкага ГУЛАГу.
Дакладныя часовыя рамкі і ўмовы конкурсу будуць аб’яўлены пад час круглага стала па тэме, які запланаваны на першую дэкаду чэрвеня.
Марат Гаравы “Новы час”