Марачкін Алесь
Біяграфія:
Марачкін Алесь (Аляксей), псэўданім: Алесь Мара, мастак, жывапісец і графік, асноўнымі тэмамі творчасьці зьяўляюцца нацыянальная і гістарычная; актыўны ўдзельнік руху мастацкае апазыцыі ў 1970-1980-я, адзін з арганізатараў неафіцыйных выставаў і акцыяў. Адзін з заснавальнікаў БНФ (Аргкамітэт - кастрычнік 1988).
У 1962 атрымаў дыплём Віцебскага пэдагагічнага інстытуту, у 1972 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (БДТМІ, цяпер Беларуская Акадэмія Мастацтваў - БелАМ). Сябра Саюзу мастакоў з 1974. Працаваў у Менску, пэўны час як вольны мастак, пасьля галоўным мастаком Мастацкага фонду, у БелАМ працуе з 1988, з 1990 па 1997 быў загадчыкам катэдры жывапісу БелАМ. Паводле палітычных матываў быў вымушаны пакінуць пасаду ў 1997.
Першыя спробы выразіць яшчэ малаасэнсаванае самім мастаком пачуцьцё пратэсту супраць камуністычнай сыстэмы і нацыянальнага прыгнёту пачынаюцца ў гады вучобы ў БДТМІ (карціны «Лесапавал»1968, «Смаленьне чорнага кабана» 1970 - праца, «прысьвечаная» стогадоваму юбілею Леніна). У 1970-я М. зьбліжаецца з апазіцыйна настроенымі коламі акадэмічнае і ўнівэрсытэцкае моладзі (М.Чарняўскі, З.Пазьняк, А.Разанаў), з мастакамі, якія ўжо на той час займалі выразную нацыянальную пазыцыю (Л.Баразна, Я.Кулік, М.Крукоўскі), знаёміцца зь Віленскім антысавецкім беларускім асяродкам; так фармуецца кола мастакоў-аднадумцаў, у якое ўваходзяць таксама М.Купава, В.Маркавец, Л.Талбузін і інш (так званыя «этнаграфісты»). М. становіцца адным з удзельнікаў групы «На Паддашку» (так называлі майстэрню Яўгена Куліка ў Менску дзе звычайна зьбіралася апазыцыйна настроеная інтэлігенцыя і ў выніку ўзьнік клюб апазыцыйнае інтэлігенцыі пад такім жа назовам). Тагачасная мастацкая апазыцыйнасьць будавалася па двух асноўных накірунках: непрыняцьце догмаў «сацрэалізму» і сыстэмы дзяржаўна-партыйнага кіраваньня культурай ды распрацоўка ў мастацкіх творах адраджэнскае, нацыянальна-вызвольнае і нацыянальна-асьветніцкае тэматыкі. М. актыўна шукае новыя формы (уплыў польскага мастака Я.Мальчэўскага, сюррэалізму), удзельнічае ў арганізацыі неафіцыйных мастацкіх выставаў (першыя спробы яшчэ ў канцы 1960-х у Жодзіне Менскай вобл.), у нетрадыцыйныя для савецкага мастацтва формы імкнецца ўкласьці й крамольныя для рэжыму ідэі. Нацыянальная гісторыя, яе героі, культурная спадчына беларускага народу становяцца яго асноўнымі тэмамі, прычым не адлюстраваньне гісторыі, а менавіта асэнсаваньне яе празь сьвядомасьць сучасьніка і кампатрыёта - галоўнае для майстры. Цыклі «Выбітныя дзеячы гісторыі і культуры», «Паданьні і легенды Беларусі», «Мае сучасьнікі» сталі своеасаблівай мастацкай энцыкляпэдыяй «несавецкае» Беларусі, а некаторыя творы набылі характар сымбаляў нацыянальнага руху (гл. ніжэй).
Дазволеныя ўладамі калектыўныя выставы, прысвечаныя юбілеям Цёткі (Алаізы Пашкевіч) (1976), Язэпа Драздовіча (1979, 1988), Міколы Гусоўскага (1980), Кастуся Каліноўскага (1988) і інш.) выкарыстоўваліся М. і ягонымі паплечнікамі дзеля прапаганды ідэяў нацыянальнага адраджэньня й вызваленьня. Група «На Паддашку» пры актыўным удзеле М. ладзіла свае неафіцыйныя выставы і акцыі, прысьвечаныя І.Луцкевічу, В.Ластоўскаму, К.Малевічу, іншым дзеячам беларускага адраджэньня ці мастакам, чые імёны былі практычна забароненыя пры савецкім рэжыме, акцыі па сьвяткаваньні такіх «несавецкіх» датаў, як Тысячагодзьдзе беларускае дзяржаўнасьці, Дзень Волі (абвяшчэньне незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі - 25 сакавіка 1918). М. дасьледуе формы традыцыйнага мастацтва беларусаў і працуе на іхнае адраджэньне (удзел у камісіі па народным мастацтве пры СМ), шукае спадчыну беларускага мастака Язэпа Драздовіча (1888-1954), публікуе ягоныя дзёньнікі, артыкулы пра яго, як галоўны мастак Мастацкага фонду, ён змагаецца за наданьне падкрэсьлена нацыянальнага характару афармленьню менскага мэтро. Важнай галіною ягонае дзейнасьці становіцца выхаваньне нацыянальна-сьведамае мастацкае моладзі. Яшчэ ў 1970-я ён распаўсюджвае сярод калегаў і студэнтаў артыкулы з забароненых заходнебеларускіх часопісаў міжваеннага пэрыяду і забароненых беларускіх кніжак (напрыклад «Адвечным шляхам» І.Абдзіраловіча); у 1980-90-х ягоны ўплыў на студэнтаў мастацкага факультэту БелАМ замацоўвае за факультэтам імідж «гнязда нацыяналізму», студэнты-жывапісцы актыўна ўдзельнічаюць у палітычных акцыях, у мастацкіх імпрэзах нацыянальна-вызвольнага накірунку. З 1988 М. актыўна ўключаецца ў адкрытую грамадзка-палітычную дзейнасьць, удзельнічае ў стварэньні БНФ, у кіраўніцтве Фронтам; у 1990 балятуецца на выбарах у Вярхоўны Савет БССР.
У 1991 арганізацыйна афармляецца мастацкая суполка «Пагоня», што аб'яднала большасьць беларускіх мастакоў, зангажаваных ідэямі нацыянальнага адраджэньня і вызваленьня з-пад палітычнага і духоўнага прыгнёту расейска-савецкае імпэрыі. Старшынём суполкі з самага пачатку стаў М. Выставы «Пагоні» сталі зьявамі мастацкага і палітычнага жыцьця Беларусі. Яшчэ з канца 1980-х М. разам зь некаторымі мастакамі, што ўвайшлі ў «Пагоню», і студэнтамі БелАМу афармляе апазыцыйныя мітынгі і шэсьці, часам ператвараючы іх у бліскучыя палітычна-мастацкія хэпэнінгі, якія ўцягваюць і ўзрушваюць дзясяткі тысячаў чалавек, разьвіваючы ўласьцівыя яшчэ «этнаграфістам» канцэпцыі «мастацтва - бібліі для непісьменных» і сёньняшнія памкненьні М. ствараць палітычна актыўнае, дзейнае мастацтва-акцыю.
Дзейнасьць мастака ўжо з 1970-х прыцягвала пільную ўвагу КГБ, хаця адкрытага тэрору ён тады й не паспытаў, але адносіны ўладаў адбіліся на вонкавай пасьпяховасьці яго прафэсыйнага шляху - нават першую пэрсанальную выставу ён здолеў наладзіць толькі ў 1992. Фізычнае процістаяньне мастака ўладам вылілася, нарэшце, у факт ягонага жорсткага зьбіцьця спэцназаўцамі падчас дэманстраціі «Чарнобыльскі шлях» у Менску 26.04.1996.
М. быў сябрам Аргкамітэту БНФ у 1988-1989, сябра Сойму з 1989 па цяперашні час, сакратар Управы БНФ 1989-1993, старшыня камісіі па культуры БНФ. Старшыня мастацкага савету пры Беларускім фондзе культуры, сябра прэзыдыюма Саюзу мастакоў Беларусі. Старшыня мастацкай суполкі «Пагоня» з 1991.
Найбольш паказальныя для разуменьня апазыцыйнасьці і нацыянальна-вызвольнай ангажаванасьці мастака працы: «Лесапавал» (1968), «Смаленьне чорнага кабана» (1970), «На этапах» (1973) «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Пачатак. Ф.Скарына» (1978), «Вітаўт» (1980), «К.Каліноўскі» (1982), «Вераніка і Максім» (1981), «Выкажы сябе сам» (1989), «Зянон» (1991), «Зьніч» (1991), «Маці Божая Чарнобыльская» (1991), «Магутны Божа» (1992).
Працы М. захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, у музэях і прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Нямеччыны. Абраз «Маці Божая Чарнобыльская» - у алтары царквы Жодзіна.
Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны за высокія дасягненьні ў справе нацыянальнага адраджэньня, прапаганду культурнай спадчыны беларускага народа (1992). Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага званьня: «Заслужаны мастак БССР» у 1989, пратэстуючы супраць сыстэмы дзяржаўнага патранату і кантролю за мастацтвам, і «заслужаны мастак Рэспублікі Беларусь» у 1995, у знак пратэсту супраць антыбеларускай і антыдэмакратычнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.