Месца расстрэлаў у прыгарадным лесе ў Оршы, па Магілёўскай шашы
У 20-30 гадах 20 стагоддзя ў межах Оршы (каля Магілёўскай шашы, цяпер мікрараён-3) адбываліся расстрэлы. Сярод расстраляных шмат святароў. Гэтае месца ніяк не ўшанаванае дагэтуль, тут няма ніякага памятнага знаку. Памяць пра расстраляных не ўшанаваная. Людзі, якія прыходзяць сюды распіваць спіртныя напоі не ведаюць, што п’юць на магілах.
Сведчанні жыхаркі вёскі Паддубцы С. Кандраценка: “У дзве гадзіны ночы непадалёк ад горада сустрэлі машыну “крумкач” з двума ліхтарамі на будцы. Машына ішла насустрач і непадалёк ад нас звярнула ў лес на левы бок. Мы гэтае месца запомнілі. Недзе праз тыдзень ішлі з горада. Пайшлі, кажу, зойдзем, паглядзім, куды машына з’язджала – там яшчэ з’езд з шашы добры быў. Зайшлі мы ў лес. Бачым – сядзіць дзяўчынка маленькая, магілка свежая, сядзіць каля яе бабка старая. На магілцы стаіць стограмовая пляшачка гарэлкі, каша ячная ў місачцы, канун называецца. Павіталіся мы. Бабка кажа:
– Сядайце, памяніце нябожчыка.
– А хто тут пахаваны? – пытаемся.
– Мой сынок, дзетачкі, святаром ён быў, расстралялі яго тут. А гэта мая ўнучка, – паказала яна на дзяўчынку.
Паглядзела я навокал, а там не адна гэтая магілка. Навокал ўсюды зямля ўскапаная. Іншыя магілы нават добра не закапаныя, зямля на ніх правалілася.
(Сведчанні жыхаркі вёскі Паддубцы С. Кандраценка (фрагмент артыкула Юрася Копціка “Крумкачы на Кабыляцкай гары”, газета “Літаратура і Мастацтва” , 1989 год).
Месца расстрэлу і апошняга спачыну засмечана, тут збіраюцца аматары выпіць, а частку магіл святароў ужо раскапалі “чорныя капацелі” у пошуках нацельных крыжоў. „Расстрелян в Орше” – такая пазнака стаіць справах святароў часоў сталінізму. Расстрэльвалі ў прыгарадным лесе, ямы засыпалі насеннем травы, каб хутчэй знішчыць сляды… Праз перасыльную турму ў Оршы, якая месцілася ў будынках Езуіцкга калегіўму, прайшла вялікая колькасць ахвяра савецкага рэжыму, сярод іх вельмі шмат праваслаўных і каталіцкіх святароў. Орша – буйны чыгуначны вузел, тут спыняліся цягнікі, якія везлі рэпрасаваных і з Усходу і з Захаду. Цяпер на месцы турмы адрэстаўраваны езуіцкі Калегіўм і гарадская плошча, тут ладзяць святы і канцэрты, гуляюць дзеці, нішто не нагадвае пра тыя часы, калі тут сталі доўгія чэргі сваякоў асуджаных і чулі з акенца: “10 лет без права переписки” (савецкі канцылярызм, якім замянялі слова «расстрэл). Але расстрэльвалі людзей не на тэрыторыі турмы, а ў прыгарадных лясах – на Кабыляцкай гары і па Магілёўскай шашы. У 80-ыя гады 20 стагодддзя аршанскі даследчык Юры Копцік, які на той час працаваў карэспандэнтам газеты “Ленінскі прызыў” (цяпер “Аршанская газета”) сабраў унікальны матэрыял успаміны выпадковых сведкаў расстрэлаў (дзеці, рабочыя, якія ішлі рана а працу, жанчыны, якія ішлі на кірмаш). Зламаныя крыжы металёвыя крыжы ёсць у расстрэльным лесе. Калі не ведаць, што гэта крыж – пройдзеш побач і не заўважыш. Сваякі расстраляных яшчэ ў 30-ыя гады шукалі месцы расстрэлаў і ставілі крыжы. Юры Копіцк распавядае, што пасля ХХ з’езду палясоўшчыкамі ў расстрэльных лясах працавалі былыя ўдзельнікі расстрэльных каманд, яны нішчылі крыжы – памяць пра ахвяраў.